?

Log in

No account? Create an account

[sticky post] Расстаноўка сіл беларускай мовы (з колішняга абмеркавання са сп. Запрудскім)

Dec. 26th, 2015 | 10:23 pm

Праглядаючы колішняе абмеркаванне беларускай сацыялемы са сп. Запрудскім і сп. Шупам (http://zaprudski.livejournal.com/48921.html), усвядоміў, што там я дастаткова поўна выклаў свае ключавыя погляды на тое, што дзеецца ў беларускай мове, як гэта суадносіцца з іншымі мовамі, як упісваецца ў лінгвістычныя мадэлі, што варта рабіць, якія ёсць таму перашкоды. Усім, хто хоча ў агульных рысах азнаёміцца з маімі ўяўленнямі, прапаную пачытаць гэта абмеркаванне.

Link | Leave a comment {1} | Share

Як русафілія канвертуецца ў русафобію

Jan. 17th, 2018 | 02:22 pm

Расіяне ўвесь час глыбока занепакоены русафобіяй, што расце то тут, то там. З нядаўняга часу занепакоіліся тым, што і ў Беларусі расце. Пакідаючы ў баку ўсе фактары, якія маюць месца ў іншых краях, і звяртаючы ўвагу толькі на адносна мірную і памяркоўную Беларусь, даводзіцца прызнаць, што ўзнікненне русафобіі заканамернае, бо, як ні дзіўна, яно вынікае з самой спробы яе прадухіліць. 
 
У афіцыйных падручніках гісторыі адводзілася ўвага ад колішніх войнаў з Расіяй, затое моцна акцэнтавалася яе дапамога (рэальная ці паказная). Пры гэтым беларусы заўжды паказваліся як нейкія небаракі. Асабліва звяртаюць увагу маніпуляцыйныя фармулёўкі тыпу “беларусаў прыгняталі літоўскія і польскія феадалы”. Пачытаеш такое, і адразу асацыяцыя: раз прыгняталі феадалы, то адпаведна мы тады былі халопы. 
 
Але ж прайшлі часы кантролю інфармацыі. Цяпер можна атрымаць усе звесткі на любы густ. Выплыла і інфармацыя пра спусташальныя войны з Масковіяй, пра бітву пад Воршай, пра тое, што не былі мы пагалоўна сялянскай басотай,а ў нас культура з цывілізацыяй была. Наступства лагічнае. Гэта і расчараванне ў тым, хто прэзентаваў сябе сябрам і братам, хто завышаў свой імідж. Гэта і прабуджэнне, інсайт, што, аказваецца, няма падстаў глядзець у рот вялікаму брату і трымацца за спадніцу вялікай матухны-Расіі. 
 
Проста такія рэакцыі. Калі б сусед сябе не ўзвышаў і калі б не хаваў эпізоды колішніх войнаў, то, адпаведна, не было б такога перакульвання ў свядомасці, не было б эмацыйнай рэакцыі. Розныя Імхаклабы могуць дакараць нацыяналістаў: маўляў, што ж вы старыя разборкі феадалаў памінаеце. Не, няправільна. Правільнае пытанне: чаму гэтыя разборкі так хаваюцца?
Многія дзяржавы ваявалі між сабой, у многіх інфармацыя пра войны адкрытая. І, ведаеце, напал страсцей меншы. Бо няма сенсацыі. І народы менш варагуюць. Прыцерліся. 
 
Так што ў Расіі няма іншай альтэрнатывы. Калі перастаць хаваць гістарычную праўду пра колішнія ўзаемаадносіны, то некалі яны стануць банальнасцю, надыдзе стабілізацыя. Калі ж дзеля добрых адносін душыць успаміны пра колішнія канфлікты, то ўсё будзе толькі абвастрацца. Вядома, калі мэта — добрае стаўленне беларусаў, а не іх пакора.

Link | Leave a comment {1} | Share

Сталактыты і сталагміты беларушчыны

Jan. 8th, 2018 | 09:00 pm


Сталактыты — гэта "ледзяшы" ў пячоры, якія ўзнікаюць, калі зверху сцякае насычаная солямі вада. Сталагміты — наадварот, гэта калоны, якія ўтвараюцца калі зверху капае і "лядзяш" нарастае на зямлі. У беларушчыне сталактыты — гэта тое, што ў Марціновіча "нелегальнае", а сталагміты — "датацыйнае". Чаму я назваў гэта так? Бо сталактыты звісаюць зверху, але не кранаюцца зямлі. А сталагміты стаяць на зямлі і не кранаюцца столі.

У нашай пераважна русіфікаванай Беларусі першае знаёмства з беларушчынай адбываецца праз школу і, магчыма, праз трасянку. Раней яшчэ — праз радыёкропку. Гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з дамінантнай расійшчынай, прайграе канкурэнцыю ў маскультурным, пацяшальным плане. Патрыётаў Беларусі гэты стан не задавальняе, яны, абудзіўшыся да беларушчыны, пачынаць тварыць сваю маскультуру, сваю сучасную творчасць. Але ім характэрная іншая крайнасць — адмаўляць тую беларушчыну, якую яны спазналі праз дзяржаву.

У людзей узнікае абсурдная выснова, нібыта гэтая нецікавая, непапулярная беларушчына створана знарок, каб ганьбіць беларушчыну як такую. Яны схільныя адмаўляць яе, як той царэвіч, які выкідвае жабіну шкурку ў печ. Тое што дыскрэдытуе беларушчыну для іх — не беларускае.

Чаму ж гэта сталагміт? Бо ён рос знізу ўверх. Тая беларушчына папраўдзе натуральная, яна развівалася з тых часоў, калі беларусы абудзіліся ў сваіх сёлах і тварылі сваю, напачатку пераважна сельскую культуру. Фальклор, апісанні цяжкага быту — не, яны тварыліся не для таго, каб некалі будучы беларускі гараджанін скрывіў нос. Яны тварыліся для сябе. І ў такой форме трапілі ў адукацыю і ў санкцыянаваную ў дзяржаве беларушчыну.

Read more...Collapse )

Link | Leave a comment | Share

Коневы і Белаконевы

Jan. 3rd, 2018 | 08:10 pm

Ёсць прозвішча Конеў. А ёсць прозвішча Белаконеў. Уявіце, роду Коневых у галаву стукае такая думка "Белыя коні — таксама коні, значыць, Белаконевы — тыя ж Коневы, значыць род Коневых мае права на маёмасць і гісторыю Белаконевых". Хм, цікава, няўжо нехта з Белаконевых паверыць у гэта? Хаця, можа, нехта і паверыць, а некаторыя спужаюцца так, што пойдуць мяняць прозвішча.

Link | Leave a comment | Share

Адценні пурызму, або Як развіць трасянку

Dec. 19th, 2017 | 03:42 pm

Беларускія пурызмы былі і ёсць розныя. У новабеларускай мове, па сутнасці, немагчыма было абысціся без пурызму. У ідэальнай моўнай сітуацыі грамада жыве мовай і не ведае іншых, і ім усё роўна, што слова сваёй мовы падобнае на слова чужой мовы. Бо грамада параўноўвае не сваю мову з чужой, а чужую са сваёй. Падчас абуджэння беларусаў на мяжы 19 і 20 стст. сітуацыя не была ідэальнай. 
 
За ўзорны час, калі беларуская мова абслугоўвала і вышэйшыя, і ніжэйшыя сферы жыцця ў Беларусі, можна ўзяць часы ВКЛ з дзяржаўнай беларускай мовай. Пазней быў заняпад, у 1696 г. яна згубіла статус дзяржаўнай, саступіўшы месца польскай мове. Польская ж дэ-факта запаноўвала ў Беларусі і раней. Пазней было далучэнне да Расіі, пашырэнне рускай мовы. Вось у такіх умовах новабеларуская мова і паўставала. У культурных (цывілізацыйных) сферах польская і руская, у ніжэйшых, сялянска-бытавых — беларуская. 
 
Гэта ведалі айцы-пачынальнікі новабеларускай мовы. Ведалі, што тагачасная беларуская мова не была простым працягам колішняй ВКЛаўскай. Ведалі пра ўплыў польскай і рускай. І, вядома, пэўны пурызм, пэўнае “адштурхоўванне” праяўлялі. Аднак гэта быў пачатковы, прыродны пурызм прыроджаных носьбітаў беларускай мовы. Носьбітаў — г.зн. тых, хто засвоіў мову ад бацькоў і наваколля, тых, для каго яна была першым сродкам зносін, хто на ёй думаў і хто яе не вывучаў праз іншую (тую ж польскую ці рускую). Гэты пурызм заключаўся не ў тым, каб знайсці ўсе падабенствы з польскай і рускай мовамі і выдаліць іх, а ў тым, каб “падчысціць” наяўны моўны запас ад таго, што выяўляецца як польскае ці рускае. Гэта быў нерадыкальны метад, пры якім чужое слова адкідалася пры выбары з некалькіх альтэрнатыў, адна з якіх адчувалася як больш беларуская, праз веданне таго, што нейкае слова яўна прыйшло з іншай мовы або мае ў сабе прыкметы гэтай іншай мовы. 
 
Read more...Collapse )

Link | Leave a comment | Share

Новая ралля (апавяданне)

Sep. 26th, 2017 | 10:21 am

– Ну што, спадарства, як мову адраджацьмем, – запытаў галоўрэд, акінуўшы поглядам супрацоўнікаў газеты.

У пакоі павісла маўчанне. Не дачакаўшыся адказу, ён працягнуў:

– Вы ўсе ведаеце, што калі няма мовы, то няма і нацыі. А нацыя, спадарства, гэта жывы арганізм, дзе ёсць і пісьменнікі, і праграмісты, і даяркі, – у гэты момант позірк галоўрэда памкнуўся ў далечыню, нібыта ён глядзеў на візію будучае нацыі. Яго рукі апісвалі жэсты, нібыта ён падымае штангу.

– Мы не проста беларускамоўнае СМІ! Мы ўвасабленне нацыі. Мы – прадвеснікі новай нацыі Еўропы. Вось уявіце сабе. Заходзіць Мірон Вітушка ў харчовую краму “Паспаліты правіянт” і пытае купца, а ці ёсць у вас крамбамбуля? А купец яму - ёсць, усяго дзесяць талераў і дваццаць барацінак. Калі Васпан прыдбае дзве пляшкі, плаўлены сырок “Ліцвінская пагоня” – у прэзэнт. Мірон Вітушка дастае свой бел-чырвона-белы гаманец з Калюмнамі, дастае адтуль купюру 50 талераў з партрэтам Балаховіча і кажа: давай, спадару, тры крамбамбулі, дый яшчэ дай мне пачак цыгарэт “Вітаўтава піпка”. Вось! Уяўляеце? Так будзе! Прыйдзе такі час!

На галоўрэда скіраваліся захопленыя позіркі. Намаляваная карціна п’яніла іх.

– Што мы можам зрабіць, шэф? – асцярожна запытаўся Мікола.

Read more...Collapse )

Link | Leave a comment | Share

Пераасэнсаванне

Sep. 13th, 2017 | 09:29 pm

Перад рэферэндумам 1995 г. я быў сам не свой. Я думаў, што ўсё прапала, што краіне капец. Дзе БЗВ, думаў я, чаму яно нічога не зробіць. БЗВ - Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў, калі хто не ведае. Каму як не ім абараняць краіну сілай, думаў я. Не, яны тут ні пры чым былі. А потым рэферэндум усё ж прагрымеў. І вынікі... ўспрымаліся катастрофай. Успрымаліся прадвеснікам бяды. З'явілася злосць. Узгадаліся ура-патрыятычныя артыкулы то пра баскаў, то пра Паўночную Ірландыю.    
 
Лезлі ў галаву гераічна-радыкальныя думкі. Але потым думкі: навошта? супраць каго? Супраць тых, хто проста не разумее? Супраць тых, хто не ведае страху асіміляцыі, бо сам асіміляваны? Супраць тых, хто проста жыве так, бо так жывецца? Гэта нічога не вырашала б, але выклікала б рэакцыю ў адказ супраць нашай кволай меншасці.    
   
Далей ў краіне былі цяжкія гады, звязаныя з моцнымі палітычнымі трэннямі і сутыкненнямі. Недзе была нізавая праца, культурныя ініцыятывы, творчыя ініцыятывы, крэатыў. Пры гэтым разлік на палітычнае вырашэнне праблемы заняпаду беларускай нацыі нікуды не знікаў. Захоўваліся планы пра скасаванне вынікаў рэферэндуму, пра прыход да ўлады з чарговым адзіным кандыдатам і многае іншае. Але да аднаўлення ўсё адно было задалёка.    
 
Потым быў Майдан, Крым і Данбас. Потым нешта нібыта пачалося мяняцца. "Працэсы ідуць", казалі некаторыя. Колішні знішчальнік беларушчыны нібыта пачаў паварочвацца да яе тварам, нібыта стаў яе дазваляць. У нас з'явілася надзея. Нібыта зноў замаячыла пацвярджэнне правільнасці шляху - адраджэнне надыдзе праз вярхі, праз волю ўлады. Але потым быў чарговы спад.  
   
І цяпер мы чакаем горшага, у перапынках забаўляючыся цацачнай краінай мары - умоўным супраціўнікам умоўнага супраціўніка. Чаму лятаюць чужыя верталёты, чаму ездзіць чужая паліцыя, чаму тут іх сцягі, што далей? "Прачнуцца ў сваёй краіне..."? "Прачнуцца ў вольнай Беларусі"? Не, хутчэй мы можам прачнуцца ў несваёй краіне.    
 
Адкуль увогуле гэтае "прачнуцца"? Хто кажа такое, ён марыць пра цуд, ён лічыць, што нешта можа здарыцца само па сабе і зваліцца з неба? Мы не зможам прачнуцца ў сваёй краіне. Нават тая краіна, што мы атрымалі і за якую мы чапляемся нягледзячы на яе недахопы, прыйшла да нас, як у сне.    
   
Read more...Collapse )

Link | Leave a comment | Share

Мова, якая не дала стаць палякамі

Aug. 27th, 2017 | 03:21 pm

Навакольныя беларусы ў большасці ставяцца да рускай мовы як да данасці, а беларускую лічаць прыдаткам, выключэннем ці адгалінаваннем. Многіх сама яе прысутнасць у Беларусі бянтэжыць. Маўляў, навошта яна, калі на ёй, бадай, ніхто не гаворыць, на ёй няма таго, што ёсць у рускай (хаця часцей за «няма» хаваецца «не ведаю», а за «не ведаю» – «не хачу ведаць»). Навошта, маўляў, занурацца ў гэты дробны свет і з высілкамі шукаць тое, што на кожным кроку ёсць у рускамоўнай прасторы, якая проста цябе акаляе? Беларускія рускамоўныя жывуць у рускай культуры як у сваёй і, адпаведна, ставяцца да замежных культур як да чужых.        
     
Адна з такіх чужых - польская. пальшчызна - безумоўна чужая для рускамоўнага. Калі беларускамоўны і адшуквае ў польскай мове нейкія лексічныя і фанетычныя падабенствы з беларускай, то для рускамоўнага польская далёкая, з наскоку не зразумець. Яна чужая пастолькі, паколькі для рускамоўных шоп-турыстаў на польскім памежжы пішуць рускія шыльды і цэннікі. Чужая пастолькі, паколькі яны перадражніваюць «пшэ» і «бжэ», паколькі ўжываюць ў якасці каларытнага паланізму слова «пан», абазначаючы ім палякаў увогуле. Чужая пастолькі, паколькі баяцца магчымасці «польскага Косава» на Гарадзеншчыне. І расказваючы анекдоты пра рускага, немца і паляка, рускамоўныя не асацыююць сябе з палякамі. А эмігрыруючы ў іншую краіну, не туляцца да польскіх дыяспар, гэтаксама як і не цешацца польскамоўным як сваім на курорце падчас водпуску. Дый тады, калі паўтараюць антынавуковую байку, што беларуская мова - сумесь польскай і рускай, то таксама зыходзяць з чужасці пальшчызны.        
   
Яны трымаюцца за рускую як за сацыяльны статус-кво і як за свой (воляй-няволяй) культурны код. Мяняць рускую на іншую ім цяжка, бо не хочуць перавучвацца і з-за тых жа адчуванняў чужасці. Яны могуць паўтарыць фразы пра амерыканізацыю, засілле англіцызмаў. Могуць з жахам узгадаць рускіх дваран, якія гаварылі па-французску. Могуць прыгадаць картавага фрыца-акупанта. Могуць паўтарыць пра жахі дэрусіфікацыі ад Дзярждэпа. У гэтым сэнсе і пераход Беларусі на польскую мову быў бы для іх непрыемнай перспектывай. Але самае цікавае, што некалі польская мова ўладарыла ў Беларусі і распаўсюдзіцца на народныя масы ёй не дала беларуская мова.        
   
Read more...Collapse )

Link | Leave a comment {1} | Share

На каго перакласці пераклады

Aug. 21st, 2017 | 07:26 pm

Палата не падтрымала ідэю, каб інфармацыя на ўпакоўках тавараў была на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай. Цяпер гэта ідэя застаецца прадметам ініцыятыў грамадскіх актывістаў і прэрагатывай добрай волі вытворцаў. Скрушна, што беларуская мова не знаходзіць падтрымкі на дзяржаўным узроўні. Сумна, што яна пакідаецца на волю лёсу. На жаль, у людзей з улады не стае разумення ці спагады, пануе абыякавасць. Чым жа яны гэта абгрунтоўваюць?  
 
А абгрунтоўваюць яны тым, што вытворцам будзе дорага перакладаць, ствараць дызайн упакоўкі, разлічаны на дзве мовы, і гэтак далей. Можна, вядома, сказаць, што гэта неабгрунтаваныя страхі. Але страхі ёсць, яны рэальныя, і мала, проста сказаць “няма чаго баяцца, наперад”. Калі б усё было так проста, то ў свеце зніклі б фобіі.  
 
Read more...Collapse )

Link | Leave a comment | Share

Свіслач і Мастаўляны: калыскі Каліноўскага на сутыку беларускіх грамад

Aug. 2nd, 2017 | 11:53 am

Родныя мясціны Каліноўскага - Мастаўляны і Свіслач. Раздзеленыя ракой Свіслаччу (ёсць яшчэ адна рака Свіслач) і дзяржаўнай мяжой. Пры гэтым знаходзяцца блізка адно да аднаго. І Свіслач, і Мастаўляны - на беларускай этнічнай тэрыторыі. Хто такі Каліноўскі ў гісторыі беларусаў, таксама тлумачыць не трэба.

Свіслач і Мастаўляны адно для аднаго выглядаюць як заканамерная пара. Яны па розны бок мяжы, але дастаткова блізка. Яны звязаны імем Каліноўскага і, такім чынам, сімвалічнасцю для беларускага адраджэння. Яны звязаныя і беларускай мовай. Згодна з картай, у Свіслачы неблагая канцэнтрацыя беларускай мовы. У Мастаўлянах жа, паводле расказаў, і мясцовыя гавораць болей па-беларуску, і іх дыялект бліжэйшы да беларускай літаратурнай.

Мастаўляны і Свіслач маглі б быць двума канцамі шлюза між беларусамі Польшчы і беларусамі Рэспублікі Беларусь, па якім бы ажыццяўлялася ўзаемавыгаднае ўзбагачэнне. Нехта курсіруе між Бельскам і Камянцом, а да гэтай пары можна было б з годнасцю дадаць пару Мастаўляны - Свіслач. Некалі гэты шлюз працаваў, калі ў Мастаўлянах зладзілі паказ слайдаў, праецыруючы іх на стромы яр, і гэты паказ быў відаць на іншым баку мяжы.

Пра родныя Каліноўскаму Свіслач і Мастаўляны ёсць пара цікавых артыкулаў:
- Урачыстае адкрыццё помніка Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах
- Алесь Кіркевіч. Калыска рэвалюцыі.

Здымак Vitali StanisheuskiЗдымак Vitali Stanisheuski

Link | Leave a comment | Share